Вы тут

Аэрафобія на МАКСімуме: ці варта працягваць баяцца лётаць на Boeing 737-8 MAX

Самалёт Boeing 737 MAX / Boeing

Прымаючы ў красавіку 2021 года новы Boeing 737-8 MAX, "Белавія" паспяшалася супакоіць пасажыраў: пілоты яшчэ год таму прайшлі навучанне на кіраванне новым тыпам лайнераў, а цяпер робяць гэта паўторна. Тое ж самае датычыцца і тэхнічнага персаналу. Дый праграмнае забеспячэнне, якое паслужыла прычынай дзвюх авіякатастроф з удзелам "максаў", выпраўленае — на гэта ў Boeing пайшло некалькі месяцаў.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, што з 2019 года змянілася ў канструкцыі аварыйных самалётаў і за кошт чаго яны сталі надзейнейшыя. Уносім свой уклад у барацьбу з аэрафобіяй.

 

Boeing выходзіць з піке

"Максы" ўжо атрымалі допуск да палётаў у Паўночнай Амерыцы, Бразіліі, Еўропе. Рэгулявальныя органы ЗША і Еўропы настойваюць, што іх праверкі былі стараннымі і што баяцца няма чаго.

Новы самалёт на заводзе ў 2015 годзе / Boeing

Чаму для Boeing настолькі важна дапрацаваць і ўсё ж паставіць менавіта MAX? Рынак ссоўваецца ад шырокафюзеляжных самалётаў (тут амерыканская карпарацыя — лідар) да вузкафюзеляжных, дзе лідзіруе Airbus. 737-8 MAX — якраз вузкафюзеляжны самалёт, адказ Boeing на патрабаванні рынку, яго асноўны козыр для барацьбы з канкурэнтамі. Так што ці "ўзляціць" абноўлены MAX — крытычна важна не толькі для авіякампаній, якія чакаюць іх у сваім флоце, але і для самога авіябудаўнічага гіганта.

За 2020 год Boeing панёс рэкордныя страты: кампанія страціла 20 млрд долараў. У тым ліку праз немагчымасць прадаваць "максы".

У кампаніі дагэтуль застаюцца сотні сабраных самалётаў, якія трэба паставіць кліентам. Іх так шмат, што да канца 2021 года Boeing разлічвае паставіць толькі палову. Для некаторых самалётаў давядзецца знайсці новых пакупнікоў, таму што не ўсе кліенты пацвердзілі заказы.

 

Чым новыя 737-8 адрозніваюцца ад папярэднікаў?

Па-першае, у новага лайнера большая далёкасць палёту: ён можа паляцець далей за папярэдніка на 1111 кіламетраў. Гэта значыць, што "Белавія" зможа прапанаваць пасажырам новыя маршруты.

Boeing 737-8 / "Белавія"

Яшчэ адзін плюс новых лайнераў — эканамічны рухавік, дзякуючы якому можна знізіць расход паліва і выкіды вуглякіслага газу. У перспектыве гэта вядзе і да зніжэння цэн на білеты.

З іншых плюсаў — новы салон (ну вядома, бо самалёт жа толькі што з завода) і павялічаныя багажныя паліцы.

 

Праз што адбываліся катастрофы і як гэта ўдалося выправіць

Былы старшы менеджар завода ў Рэнтане Эд Пірсан у лютым 2021 года апублікаваў чарговую справаздачу, у якой сцвярджаў, што патрэбна далейшая праверка работы электронікі і якасці вытворчасці. Раней, выступаючы на слуханнях у Кангрэсе ЗША ў 2018 годзе неўзабаве пасля катастроф, ён заяўляў, што занепакоены ўмовамі вытворчасці на Boeing і не адважыўся б узяць сваю сям'ю на борт самалёта.

Салон самалёта Boeing 737-8 / Ігар Чаргінец

Сам Boeing называе гэтыя прэтэнзіі неабгрунтаванымі: маўляў, сувязі паміж умовамі працы на заводзе і дзвюма аварыямі не знойдзена. Федэральнае ўпраўленне цывільнай авіяцыі таксама настойвае: было праведзена два расследаванні, ні ў адным з іх не было зроблена высноў пра тое, што прычынай катастроф стаў вытворчы дэфект самалётаў. Кіраўнік Еўрапейскага агенцтва па бяспецы палётаў Патрык Кай таксама заяўляў у гутарцы з ВВС, што самалёт бяспечны і гатовы выконваць рэйсы.

Еўрарадыё пагутарыла пра надзейнасць 737-8 з Аляксандрам, аўтарам профільнага тэлеграм-канала пра авіяцыю і аднайменнага падкасту FlightMode.

"Асноўныя змены, якія вытворца ўносіў у шматпакутныя самалёты, датычыліся аўтаматызаванай сістэмы кіравання палётам MCAS. Сістэма MCAS становіць сабой праграмнае забеспячэнне, закліканае спрасціць кіраванне лайнерам B737 MAX. Яе стварылі, каб зрабіць кіраванне лайнерам, які атрымаў вялікія рухавікі, падобным да прынцыпу кіравання B737 папярэдніх пакаленняў", — растлумачыў Аляксандр.

Праз няправільныя паказанні вонкавых датчыкаў сістэма MCAS няправільна карэктавала кіраванне. Гэта і прывяло да дзвюх катастроф.

"Пры гэтым, як паказала расследаванне, пілотам не было паведамлена пра наяўнасць такой сістэмы і прынцыпы яе работы. Акрамя таго, сама сістэма не мела спецыяльнай індыкацыі, якая паказвала б на яе работу. Па заключэнні Федэральнага ўпраўлення цывільнай авіяцыі ЗША, амерыканскі авіябудаўнічы канцэрн Boeing унёс у алгарытм работы MCAS неабходныя выпраўленні. Акрамя таго, была распрацавана новая праграма падрыхтоўкі пілотаў Boeing 737 MAX, якая ўлічвае асаблівасці функцыянавання MCAS. Якраз гэтым новым укараненням у асноўным і перанавучаліся пілоты", — расказвае суразмоўнік.

Boeing давялося працаваць не толькі з MCAS, але і з іміджам "максаў". Некаторыя авіякампаніі пайшлі на перайменаванне гэтага тыпу лайнера, каб не палохаць пасажыраў. А Федэральнае ўпраўленне цывільнай авіяцыі ЗША будзе адсочваць "максы" з дапамогай спадарожнікаў — гэта першы выпадак, калі самалёт адсочваецца ў рэжыме рэальнага часу.

Гэта ўсё толькі для таго, каб супакоіць пасажыраў "максаў"?

"Наогул даўно ўжо пара пачаць адсочваць самалёты і захоўваць гэтыя звесткі незалежна ад самога паветранага судна. На выпадак, калі адбудзецца нешта неспадзяванае, гэта, вядома ж, аблегчыць і спросціць расследаванне. Спадзяюся, хутка гэту тэхналогію прыменяць і на іншыя тыпы ПС. Я лічу гэта хутчэй неабходнасцю, чым піярам. Хоць у выпадку з "максамі" гэта можа быць і адваротным", — разважае Аляксандр.

Самалёт 737 MAX у час першага палёту 29 студзеня 2016 года / Boeing

Адміністратар тэлеграм-канала "От Винта | Aвиация Беларуси" Егор, настроены па-філасофску:

"Наколькі добра ў Boeing правялі работу над памылкамі, будзе зразумела праз хоць бы год. Як той казаў, палятаем — пабачым".

 

Да Boeing 737-8 адразу ж з'явіліся пытанні

Boeing папрасіў 16 авіякампаній — раней не паведамлялася якіх — праверыць некалькі параметраў у рабоце самалётаў 737-8 MAX перш, чым дазволіць самалёту выконваць пасажырскія рэйсы. Еўрарадыё высветліла, што сярод іх апынулася і беларуская "Белавія".

Калі б гаворка не ішла пра той самы "макс", пасажыры наўрад ці звярнулі б увагу на гэту навіну. Але ў выпадку з гэтым тыпам лайнера пачалі трывожыцца і не схільныя да аэрафобіі людзі.

У кампаніі нас запэўнілі: гаворка ідзе пра нязначны тэхнічны нюанс, не звязаны з праграмным забеспячэннем лайнера:

"Кампанія Boeing сапраўды рэкамендавала правесці інспекцыю электрычнай схемы адной з дублюючых сістэм электразабеспячэння самалётаў Boeing 737-8 пэўных лінейных нумароў. Гаворка пра 16 заказчыкаў амерыканскай кампаніі, у тым ліку "Белавія". Boeing адказна падышла да гэтага пытання".

Флот "Белавія" папоўніўся новым Boeing 737-8 у пачатку красавіка. Гэта першы такі самалёт у распараджэнні беларускай авіякампаніі. "Белавія" стала 21-й авіякампаніяй у свеце, якая эксплуатуе Boeing 737-8.

Boeing 737-8 / "Белавія"

У "Белавія" запэўнілі: падстаў для турбавання ў пасажыраў няма. У авіякампаніі ёсць спецыялісты, якія могуць выканаць неабходныя інспекцыі самастойна. У дапамогу ім Boeing прапануе ў найбліжэйшы час накіраваць брыгаду сваіх спецыялістаў, якія зоймуцца гэтым пытаннем.

"На выкананне працэдуры падрыхтоўкі і выканання работ на паветраным судне неабходна колькі часу. Але яшчэ раз падкрэсліваем, што нічога крытычнага ў сітуацыі, якая склалася, няма", — падкрэслілі ў "Белавія".

American, першая амерыканская авіякампанія, якая аднавіла палёты на MAX у снежні, заявіла ў мінулым месяцы, што не заўважыла, каб пасажыры занадта моцна трывожыліся праз MAX. Там не лічаць, што на гэтым тыпе лайнераў амерыканцы лётаюць менш ахвотна, чым на іншых самалётах.

"Белавія" дамовілася пра пастаўкі Boeing 737-8 MAX яшчэ два з паловай гады таму, але атрымала новы лайнер толькі цяпер. Усяго ў беларускага авіяперавозчыка кантракт на пяць самалётаў, другі прыляціць у Мінск прыкладна праз месяц.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.