Вы тут

Пазбавілі ліцэнзіі чатырох адвакатаў, у тым ліку адвакатку Марыі Калеснікавай

Людміла Казак / Кадр з відэа

Адвакатку Людмілу Казак пазбавілі ліцэнзіі. Такое рашэнне прыняла кваліфікацыйная камісія пры Міністэрстве юстыцыі 19 лютага, паведамляе прэс-служба Віктара Бабарыкі

Прычыны пазбаўлення ліцэнзіі была сфармуляваная так: "За здзяйсненне правіны, несумяшчальнай з высокім званнем адваката".

"Ніхто не захацеў слухаць, што правіну, за якую мяне прыцягнулі да фармальнай адказнасці, я насамрэч не здзяйсняла. Выявілася, што гэта не важна. А важны сам факт фармальнай наяўнасці пастановы суда, якая набыла законную моц", — расказала Казак пра тое, як праходзіла пасяджэнне.

Нагадаем, што ўвосень Людімлу Казак выкралі на вуліцы, калі яна кіравалася ў суд. Яе завезлі ў пастарунак і склалі пратакол за непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі. Суд прызначыў ёй штраф.

Адвакатцы дазволілі пару дзён яшчэ папрацаваць. У панядзелак-аўторак будзе прынятае рашэнне, з якога дня яе ліцэнзія перастане дзейнічаць.

Людміла Казак абараняла інтарэсы палітзняволенай Марыі Калеснікавай. Раней ліцэнзіі быў пазбаўлены адвакат Аляксандр Пыльчанка — ён абараняў інтарэсы Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі.

Таксама стала вядома, што спыненыя ліцэнзіі адвакатаў Міхаіла Кірылюка (ён уваходзіць у Каардынацыйную раду), Канстанціна Міхеля і Максіма Конана (у яго было затрыманне).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.