Адвакат Сяргей Зікрацкі далучыўся да штабу Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская і Сяргей Зікрацкі / @tsikhanouskaya​
Святлана Ціханоўская і Сяргей Зікрацкі / @tsikhanouskaya​

Святлана Ціханоўская прызначыла адваката Сяргея Зікрацкага сваім прадстаўніком па прававых пытаннях, гаворыцца ў тэлеграм-канале Ціханоўскай.

Мяркуецца, што Зікрацкі будзе працаваць над алгарытмамі абароны правоў беларусаў, каардынаваць працу па ўніверсальнай юрысдыкцыі і пазовах, пададзеных у замежных дзяржавах.  Акрамя таго, у яго задачы будзе ўваходзіць узаемадзеянне з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, а таксама міжнароднымі арганізацыямі і спецустановамі сістэмы ААН па пытаннях правоў чалавека ў Беларусі.

"Упэўнены, што амаль кожны беларус за апошні год адчуў на сабе наступствы прававога дэфолту. Я як адвакат сутыкаўся з гэтым кожны дзень", — кажа Сяргей Зікрацкі. Ён нагадаў пра свайго калегу Максіма Знака, які застаецца за кратамі, а таксама пра сотні іншых беларусаў, затрыманых і пазбаўленых волі па палітычных матывах.

"Перад намі стаіць задача абараняць правы беларусаў на міжнародным узроўні і падрыхтаваць канцэпцыю рэформы заканадаўства ў самых розных сферах, каб укараніць іх у новай Беларусі", — адзначыў ён.

У пачатку траўня Сяргей Зікрацкі з'ехаў з Беларусі ў Вільню. У сакавіку яго выключылі з Мінскай абласной калегіі адвакатаў, і ён аказаўся пазбаўлены магчымасці займацца адвакацкай дзейнасцю. Да гэтага ён адпрацаваў адвакатам 8 гадоў, апошнім часам быў абаронцам журналістак "Белсата", палітвязняў Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай, а сёлета прадстаўляў інтарэсы затрыманых супрацоўнікаў Прэс-клуба, удзельнічаў у іншых палітычных працэсах.

Абвяшчаючы пра свой ад'езд, Зікрацкі напісаў, што вельмі спадзяецца "хутка вярнуцца ў свабодную Беларусь" і мае намер "рабіць усё магчымае, каб змяніць сітуацыю" ў краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі