Шматвектарнасць: як (па-рознаму) Беларусь пасварылася амаль з усімі суседзямі
Цяпер у беларускай знешняй палітыкі адзін кірунак / Еўрарадыё
Па сцверджаннях уладаў, "лялькаводы", настроеныя на развал Беларусі, то з'яўляліся, то раптам знікалі практычна ва ўсіх суседзяў.
Чацвёрты, найбольш сур'ёзны за ўвесь час, пакет санкцый ЕС супраць Беларусі ўхвалены 24 чэрвеня. Адносіны з братняй Украінай таксама як ніколі дрэнныя. Толькі Расія, як заявіў расійскі амбасадар у Беларусі Яўген Лук'янаў, будзе падтрымліваць нашу краіну "да самых крытычных абставінаў".
Еўрарадыё ўспомніла, як Беларусь з мясцовага міратворца ператварылася ў таксічнага суседа.
Добрасуседства з Еўропай скончылася пасля выбараў
У папярэднія некалькі гадоў перад выбарамі адносіны Беларусі з ЕС складваліся спрыяльна: наша краіна стала пляцоўкай для ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны, палітвязняў не было, ЕБРР нарошчваў аб'ёмы крэдытавання ў Беларусі, ЕС дапамагаў у барацьбе з COVID-19. Увесну 2020 года Беларусь і Польшча нават дамовіліся пра пастаўкі нафты, бо з Расіі практычна нічога не прыходзіла. Праўда, былі рознагалоссі з Літвой праз БелАЭС.
Паколькі да выбараў "лялькаводы" былі з Расіі, праблемы пачаліся пасля таго, як Еўропа абурылася вынікамі выбараў 2020 года і задушэннем пратэстаў у Беларусі.
Польшча
Рыторыка Аляксандра Лукашэнкі адразу змянілася. З'явіліся польскія "лялькаводы" і заявы пра тое, што Польшча збіраецца забраць сабе Гродзенскую вобласць.
— Яны пра гэта ўжо адкрыта кажуць, спяць і сняць, — сцвярджаў Лукашэнка ў канцы жніўня 2020 года. Беларускаму амбасадару давялося даваць тлумачэнні за гэта ў МЗС Польшчы. Выказванні пра "бразганне натаўскіх гусеніц" ля межаў, напэўна, таксама не спадабаліся суседзям.
На гэтым Лукашэнка не спыніўся і заявіў у верасні, што закрые межы з Польшчай і Літвой, а таксама ўмацуе межы з Украінай.
Складанасці з перасячэннем мяжы паўсталі ў экс-кіраўніка беларускай каталіцкай царквы мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча яшчэ ў канцы жніўня. Пасля візіту ў Польшчу яго проста не пускалі на радзіму. Лукашэнка заявіў, што святар атрымліваў у Польшчы інструкцыі пра тое, як разбурыць Беларусь.
Так працягваліся нападкі на Польшчу, публікаваліся яе абураныя рэакцыі і выказвалася глыбокая заклапочанасць да вясны 2021 года. У сакавіку Беларусь пайшла на больш радыкальныя дзеянні, выслаўшы польскага консула Ежы Цімафеюка за ўдзел у "Дні выклятых жаўнераў" у Брэсце.
Заяўлялася, што консул груба парушыў Венскую канвенцыю. Пачаліся ўзаемныя высылкі дыпламатаў.
Таксама разгарнуўся крымінальны пераслед прадстаўнікоў "Польскай школы" і "Саюза палякаў". Польскае МЗС загаварыла пра прыгнёт нацыянальных меншасцяў у Беларусі.
Калі ў красавіку з'явілася справа аб "замаху на Лукашэнку", абвінавачваліся ў гэтым якраз ЗША і Польшча. Юрась Зянковіч нібыта атрымліваў там кансультацыі.
На гэтым фоне, калі самалёт Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце быў пасаджаны ў Мінску, Польшча адной з першых закрыла сваю паветраную прастору ад Беларусі. Цяпер, будучы ў складзе ЕС, падтрымала персанальныя і сектаральныя санкцыі супраць Беларусі.
Літва
Пасля выбараў 2020 года Літва, Латвія і Эстонія не сталі чакаць кансалідаванай рэакцыі ЕС на беларускае пытанне і самі ўвялі санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і яшчэ 29 чыноўнікаў.
Неўзабаве міністр замежных спраў Уладзімір Макей паведаміў пра санкцыі ў адказ супраць фігур, якія "апантана спрабавалі ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі" і фінансуюць апазіцыю. Праўда, публікаваць гэты спіс не сталі.
У кастрычніку 2020 года Беларусь пачала адклікаць сваіх дыпламатаў з Літвы. Суседзям улады прапанавалі зрабіць тое самае, хоць Літва заяўляла пра тое, што спадзяецца ўнікнуць скарачэння дыпперсаналу.
У тым самым месяцы Літва вырашыла прыпыніць праекты па ахове прыроды, адукацыі, развіцці пагранічнай інфраструктуры, якія рэалізавала разам з Беларуссю. Грошы на іх вылучаліся еўрапейскай бокам.
З тых часоў не спыняліся ўзаемныя папрокі: то праз БелАЭС, то беларускі бок патрабуе выдаць Святлану Ціханоўскую.
Новы віток канфлікту з Літвой адзначыўся не толькі інцыдэнтам з самалётам Ryanair, але і грамадзянамі Ірака, якія аднекуль з'явіліся і сотнямі спрабуюць нелегальна перабрацца з Беларусі ў Літву.
Па супадзенні Лукашэнка сказаў у траўні:
— Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў [на шляху ў Еўропу. — Еўрарадыё] — цяпер будзеце самі іх есці і лавіць.
Цяпер Літва падтрымала санкцыі і, здаецца, не баіцца страціць грошы ад транзіту беларускіх грузаў, у тым ліку калію.
Латвія
Гучных казусаў з Латвіяй не здаралася да вясны 2021 года. Хоць суседка і ўвяла санкцыі супраць 30 беларускіх чыноўнікаў разам з Літвой і Эстоніяй. Таксама пасля гібелі Рамана Бандарэнкі Латвія забараніла ўезд кіраўніку ФХРБ Дзмітрыю Баскаву і кікбаксёру Дзмітрыю Шакуту.
Пасля абвастрэнняў не было, пакуль мэр Рыгі Марціньш Стакіс і міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс не замянілі беларускі дзяржаўны сцяг на бел-чырвона-белы ў цэнтры Рыгі. Там знаходзіліся сцягі краін — удзельніц чэмпіянату свету па хакеі 2021 года. Адбылося гэта на наступны дзень пасля пасадкі самалёта Ryanair у Мінску.
Толькі тады Беларусь і Латвія сталі высылаць амбасадараў, а потым Генпракуратура і зусім перадала ў СК крымінальную справу на мэра Рыгі і міністра замежных спраў Латвіі за здарэнне са сцягам.
Украіна
Пасля выбараў Уладзімір Зяленскі заклікаў Беларусь да адкрытага дыялогу ўнутры краіны і параіў пералічыць галасы або правесці новыя выбары. Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз назваў такія парады "заезджанымі".
Сапраўдным скандалам стаў "агляд" машыны ўкраінскага амбасадара Ігара Кізіма на ўездзе ў Беларусь у верасні 2020 года. Згодна з Венскай канвенцыяй, надгляд асабістага багажу дыпламатаў недапушчальны.
— Прымусілі мяне адчыніць аўтамабіль, паказаць, што ў багажніку. Я за 27 гадоў працы ні разу не сутыкаўся з такім, — абурыўся амбасадар.
Дзяржпагранкамітэт Беларусі ў адказ заявіў, што гэта быў "агляд", а не надгляд. Акрамя таго, у сеціве з'явілася відэа "агляду".
Потым Украіна, як і многія іншыя краіны, не прызнала легітымнасці Лукашэнкі пасля яго таемнай інаўгурацыі.
— Асаблівае здзіўленне выклікаюць паводзіны нашых украінскіх суседзяў, — адрэагавала МЗС.
У снежні мінулага года Лукашэнка паведаміў пра "тэрарыстычную групу" Мікалая Аўтуховіча, якая нібыта везла ў Беларусь тоны зброі з Украіны.
— Рыторыка аб знешнім умяшанні, у прыватнасці мантра "зброя з Украіны", відавочна ўкладаецца ў палітыку запалохвання беларускага народа Лукашэнкі. Украіна не вораг Беларусі, — адказаў міністр замежных спраў Украіны Алег Нікаленка.
У красавіку 2021 года віцэ-прэм'ер, міністр рэінтэграцыі Украіны Аляксей Рэзнікаў сказаў, што "ўкраінскі бок не гатовы пасля зняцця каранціну вярнуцца да перамоваў пра Данбас у Мінску і мае намер шукаць іншую пляцоўку".
Украіна вельмі хутка адрэагавала і на інцыдэнт з самалётам Ryanair. Пасадка адбылася 23 траўня, а з 26 траўня Украіна ўжо прыпыніла авіязносіны з Беларуссю.
Расія
Адносіны з Масквой абвастрыліся ў канцы 2019 года, калі ішла праца над узгадненнем інтэграцыйных мапаў. Так і засталіся нявырашанымі пытанні нафты, газу, падатковай палітыкі, адзінай валюты. На фоне рознагалоссяў у пачатку 2020 года былі праблемы з пастаўкай расійскай нафты на беларускія НПЗ.
Так Беларусь падышла да пачатку перадвыбарчай кампаніі і першых акцый пратэсту. Лукашэнка заяўляў, што Віктар Бабарыка — расійскі праект, адпаведна, усё, што ішло не па плане уладаў, было звязана з рукой Масквы.
Напярэдадні выбараў у Беларусі і зусім былі затрыманыя 33 грамадзяніны Расіі. ДзяржСМІ назвалі іх "баевікамі замежнай прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер". Усяго ж у Беларусь нібыта прыбыло больш за 200 чалавек, чыёй місіяй было дэстабілізаваць абстаноўку перад выбарамі.
Зрэшты, потым аказалася, што віной усяму "лялькаводы" з Польшчы, ЗША і Чэхіі. Узаемаадносіны з Уладзімірам Пуціным удалося наладзіць. Братэрская любоў аказалася мацнейшай, і Лукашэнка нават дамовіўся на крэдыт у $1 млрд у снежні 2020 года. Другі транш гэтага крэдыту, хоць і са спазненнем, быў атрыманы 2 чэрвеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.