Адмену санкцый супраць "Беларуськалія" лабіруюць у інтарэсах Бразіліі — Латушка

"Беларуськалій" / Еўрарадыё
"Беларуськалій" / Еўрарадыё

Еўрасаюз так і не прыняў 22 траўня 11-ы пакет санкцый супраць Беларусі і Расіі. Супраць абмежаванняў выступіла Венгрыя.

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка кажа, што некаторыя краіны ЕС увогуле выступаюць за адмену санкцый супраць "Беларуськалія".

"Аргумент — рост коштаў на калій, які прыводзіць да росту коштаў на прадукты харчавання", — цытуе zerkalo.io словы Латушкі.

Палітык абвяргае гэтае меркаванне. Ён спасылаецца на даныя ААН, якія сведчаць, што цана на прадукты харчавання на сусветным рынку на працягу года стабілізавалася, а не расла. "Праблема харчовага крызісу звязаная з вайной, якую пачала Расія супраць Украіны пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. І гэта прывяло да таго, што найбуйнейшы пастаўшчык збожжа Украіна, якая забяспечвае 10% сусветных патрэбаў, не можа засеяць палі і вырабляць яго ў дастатковай колькасці", — тлумачыць Латушка.

Таксама ён адзначае, што Расія абмяжоўвае экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі праз марскія парты.

На кошт азотных угнаенняў, ад якіх пераважна залежаць цэны на прадукты, уплывае кошт прыроднага газу. "А газ якраз-такі ў руках Расійскай Федэрацыі. Гэта значыць, Расія штучна спрабуе стварыць праблему харчовага крызісу. І галоўная прычына — гэта вайна, але ніяк не беларускі калій", — упэўнены палітык.

Па словах Латушкі, адмену санкцый лабіруюць у інтарэсах Бразіліі — гэтая краіна з'яўляецца адным з галоўных пакупнікоў беларускіх угнаенняў. Якая з краін ЕС выступае лабістам, Латушка гаварыць не стаў — маўляў, гэта закрытыя перамовы.

Ён расказаў, як беларускія дэмакратычныя сілы спрабуюць супрацьстаяць гэтаму лобі:

"Мы гаворым еўрапейскім партнёрам. Першае. У Беларусі велізарная колькасць палітвязняў, яны паміраюць. Другое. Лукашэнка працягвае падтрымку вайны супраць Украіны. Трэцяе. Мы прадставілі ліст усім міністрам замежных спраў ЕС (таксама асобны ліст падрыхтавала Святлана Ціханоўская кіраўніку Еўрапейскай камісіі Урсуле фон дэр Ляен) пра тое, што "Беларуськалій" замяшаны ў фінансаванні незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. І гэтыя тры аргументы, на наш погляд, з'яўляюцца абсалютнымі, якія не павінны дазволіць прыняць рашэнне аб зняцці санкцый з "Беларуськалія".

Паводле падлікаў Латушкі, калі будуць скасаваныя санкцыі супраць "Беларуськалія", то афіцыйны Мінск атрымае дадатковыя 1,5 мільярда долараў.

Дарэчы, сёння Святлана Ціханоўская заклікала еўрапейскіх міністраў разгледзець новыя санкцыі супраць беларускіх уладаў — за рэпрэсіі ды саўдзел у вайне супраць Украіны. Яна прапанавала ў тым ліку разгледзець закрыццё межаў ЕС з Беларуссю і задзейнічаць нацыянальныя заканадаўствы, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых у гвалце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі