Вы тут

“Адкуль 400 000 еўра на рахунку Франка Вячоркі?” Дарадца Ціханоўскай дае адказ

“Адкуль грошы на рахунку, спадар Франак?” / unsplash.com

Беларускім дэмсілам час ад часу задаюць пытанне пра грошы. На якія сродкі жыве беларуская апазіцыя і ці не асядае ў кішэнях дапамога, накіраваная беларускай грамадскай супольнасці? Маўляў, трэба правесці незалежную праверку кашалькоў палітыкаў.

Ці патрэбны такі аўдыт, ці магчымы ён і хто павінен пад яго трапіць?

— Безумоўна, павінна быць максімальная празрыстасць перад тымі, хто выдзяляе грошы, калі ёсць такія добразычліўцы, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё Франак Вячорка. — Мы ў Офісе запусцілі гэты працэс. Зараз некалькім кампаніям накіравалі прапановы, як яны гатовы правесці аўдыт працы Офіса. Калі такі аўдыт будзе праведзены — безумоўна, мы ўсё гэта апублікуем ці гэтыя кампаніі апублікуюць.

Ці павінны ўсе справаздачыцца? Магчыма, найбольш важныя і істотныя структуры публічных палітыкаў павінны распавядаць пра сваю дзейнасць, якім чынам яны працуюць. Разам з тым немагчыма распавесці пра ўсё.

Мы не павінны таксама дапамагаць Лукашэнку. Нельга ні ў якім разе распавядаць, напрыклад, як фінансуецца падполле. Мы разумеем, чаму закідваюцца тэмы з грашамі. Хаця, на мой погляд, гэтая тэма выссаная з пальца. Таму што грошы — гэта тое, што людзі заўжды любяць абмяркоўваць. Тое, на чым лёгка людзей пасварыць.

Камусьці можа падавацца, што “вось у іх там шмат грошай, а мне не далі”. Лёгка выклікаць эмоцыі зайздрасці, спаборніцтва за нейкія рэсурсы. І тое, што зараз адбываецца — сваркі, спрэчкі, — гэта ў тым ліку вынік гульні на нізкіх чалавечых рысах.

А сотні тысяч еўра на рахунку адкуль узяліся?

“Адкуль 400 тысяч еўра на рахунку ў яго [Франка Вячоркі]?” — пытаецца ў жывым эфіры глядач Еўрарадыё.

— Няма на рахунку ніякіх 400 тысяч еўра, — адказвае дарадца Святланы Ціханоўскай. — На маім рахунку ляжыць дзве тысячы еўра заробленых мной грошай. І мой рахунак зараз заблакіраваны. Як і многім беларусам, літоўскі банк заблакіраваў мне доступ. І мне зараз трэба даказваць літоўскаму банку, што я не працую на рэжым.

Тое, што апублікавана ў дакументах “Інфапойнт” [некамерцыйная арганізацыя “Infopoint Network”, заснавальнікам якой з'яўляецца Франак Вячорка. — Еўрарадыё] — гэта афіцыйныя дакументы, якія публікуюцца адкрыта. Яны паказваюць агульны абарот арганізацыі. Колькі арганізацыя за ўвесь час правяла праз сябе грошай. Там гаворка ідзе пра 400 тысяч еўра. Ідзе гаворка пра дзясяткі, дакладна больш чым сорак супрацоўнікаў у розных краінах свету, якія працуюць над рознымі праектамі.

Калі вы падзеліце гэтую суму на гэтых людзей, аднімеце 40 працэнтаў падатку, то гэта будуць заробкі, якія людзі атрымліваюць. 800, 900, 1000 еўра ў месяц. З гэтых грошай я не атрымліваю заробак ці ганарар.

Грашовая справаздача — важная рэч для палітыка / unsplash.com

“Мы казалі пра тое, што Расія нясе пагрозу”

Ёсць меркаванне, што Офіс і Святлана Ціханоўская ад пачатку сваёй дзейнасці занялі даволі незразумелую пазіцыю адносна Расіі і Пуціна. Папракаюць часам і былой нерашучасцю наконт прызнання акупаванасці Крыма. Гэта чый пракол, чыя памылка?

— Нельга папракаць нас і Святлану ў нерашучасці. У яе быў канкрэтны фокус на вызваленні Беларусі, на правядзенні свабодных выбараў, вызваленні палітычных вязняў, — кажа Франак Вячорка. — Любыя спробы развіваць нейкія іншыя тэмы, ісці ў геапалітычныя дыскусіі — яны губляюць фокус. Калі мы хочам дабіцца нейкіх вынікаў у палітыцы, то вельмі важна мець канкрэтныя патрабаванні, быць вельмі паслядоўнымі, факусавацца на задачы. І не дазваляць маніпуляваць. 

Калі вас пачынае насіць у розныя бакі, вас перастаюць чуць і разумець, што вы ёсць. Святлана Ціханоўская і мы ў Офісе паўтаралі: нашыя задачы — зрабіць Беларусь дэмакратычнай краінай, вызваліць палітвязняў, правесці свабодныя выбары.

Мы казалі пра тое, што Расія нясе пагрозу. Казалі, што Расія і Пуцін падтрымліваюць злачынны лукашэнкаўскі рэжым. Мы засцерагалі, каб Расія гэтага не рабіла. Нашай задачай было, каб ён [Пуцін] не ўмяшаўся. Каб ён проста не чапаў, каб не ўваходзіў і не фінансаваў Лукашэнку.

Казаць, што была памылка [з боку Святланы Ціханоўскай і Офіса]? Тады быў іншы кантэкст. Мы тады не ведалі, што Беларусь ужо з’яўляецца часткай ваеннай аперацыі. Мы тады не ведалі, што ідзе падрыхтоўка Расіі да вайны супраць Украіны. І гэтая зачыстка — не проста знішчэнне Лукашэнкам непажаданых, а гэта вычышчэнне палітычнага поля, каб Беларусь стала плацдармам для вераломнай атакі на Кіеў.

Святлана Ціханоўская / тг-канал Святланы Ціханоўскай

“Яшчэ хапае наіўнасці, што Лукашэнка перайграе Пуціна”

На якім узроўні зараз кантакты з украінскім кіраўніцтвам у Святланы Ціханоўскай і Офіса?

— Кіеў неаднародны. У Кіеве шмат структураў, цэнтраў прыняцця рашэнняў з розным стаўленнем да Беларусі, да Святланы Ціханоўскай і да дэмсілаў. Таму трэба працаваць з усімі паасобку. Няма там такога чалавека, што прыходзіш — і ўсё выпраўляецца. Таму будуем давер. Мы пачалі, на жаль, з вялікага працэнту недаверу. Яшчэ ў пачатку вайны ў іх [у афіцыйнага Кіева] было такое стаўленне, што “лепш з гэтымі беларусамі не мець справы. Лукашэнка хоць і bad guy, але мы мелі з ім бізнес”.

Вайна, канешне, многім расплюшчыла вочы, што Лукашэнка не можа быць саюзнікам і бізнес-партнёрам. Але ўсё яшчэ хапае наіўнасці сярод многіх уплывовых людзей, што Лукашэнка перайграе Пуціна, — рэзюмуе Франак Вячорка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.