Ад вусных патрабаванняў да фізічнай сілы: што могуць “добраахвотныя дружыны”

Ад вусных патрабаванняў да фізічнай сілы: што могуць “добраахвотныя дружыны”

Дзяржаўнае тэлебачанне ўвечары 18 кастрычніка расказала пра стварэнне “добраахвотных дружын”, якія збіраюцца дапамагаць міліцыянерам ахоўваць правапарадак.

— Свайго роду ініцыятыва з месцаў. Занадта ўжо дасталі малойчыкі, якія перакрываюць дарогі і паляць покрыўкі. Увогуле, чамусьці лічаць, што менавіта яны — гаспадары мінскіх вуліц, — прагучала ў эфіры СТБ.

Але, як аказалася, сцверджанне дзяржТБ — не зусім праўда. Аказваецца, у Беларусі народныя дружыны дзейнічаюць даўно. Расказваем, якімі паўнамоцтвамі яны валодаюць.

Ад вусных патрабаванняў да фізічнай сілы: што могуць “добраахвотныя дружыны”
Добраахвотная дружына ў Беларусі / "Минск-Новости"

Ад Расійскай Імперыі да сучаснасці

Увогуле першая добраахвотная народная варта з’явілася яшчэ ў 1881 годзе ў Расійскай Імперыі: яе стварылі для аховы падчас каранацыі Аляксандра IIІ, набіралі ўсіх ахвотных, актыўнымі ўдзельнікамі гэтых дружын былі і кубанскія казакі. Пазней гэтую практыку перанялі і ў СССР: у 1926-м узнікла падобная дружына ў Санкт-Пецярбургу, потым рух актыўна развіваўся, а галоўнай мэтай яго, як і ў сучаснай Беларусі, была дапамога міліцыі. На піку ў савецкіх дружынах налічвалася па 400 тысяч чалавек, якія актыўна дапамагалі ў патруляванні вуліц.

У 2003 годзе ў Беларусі быў прыняты закон “Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку”. Гэты дакумент замацаваў правы і абавязкі сябраў дружын. Тады ж Саўмін прыняў “Прыкладнае палажэнне аб добраахвотнай дружыне”, якое вызначае дзейнасць такіх атрадаў ды прынцыпы іх фармавання.

То-бок народныя дружыны працуюць у Беларусі ужо амаль 20 гадоў. Яны маюць правы пазаштатных супрацоўнікаў міліцыі, і іх дзейнасць накіравана на ахову правапарадку. Таксама дзейнічаюць і асобныя моладзевыя атрады аховы правапарадку (МААП) — большасць з іх прадстаўнікоў з'яўляецца, дарэчы, сябрамі БРСМ.

Па задуме дружыны не толькі дапамагаюць міліцыянерам патруляваць вуліцы, але могуць таксама працаваць у розных установах. Напрыклад, свая дружына ёсць у Гродзенскім тралейбусным упраўленні: паўнамоцтвамі дружыннікаў надзелены кантралёры — дзеля таго, каб можна было затрымліваць “зайцоў” да прыезду міліцыі. Дружыны таксама можна сустрэць на розных транспартных станцыях, ва ўніверсітэтах, на прадпрыемствах (МЗКЦ, МАЗ ды іншых) і г. д. Да таго ж дружыннікі могуць дапамагаць не толькі органам унутраных спраў, але і ратавальнікам ды памежнікам.

Ад вусных патрабаванняў да фізічнай сілы: што могуць “добраахвотныя дружыны”
Так выглядае значок дружынніка Гродзенскага тралейбуснага ўпраўлення / сайт гродзенскага тралейбуснага парка

Хто можа стаць дружыннікам

Дружыны ў Беларусі ствараюцца альбо органамі ўлады, альбо кіраўніцтвам юрыдычных асоб. А стаць дружыннікам можа кожны ахвотны — перш за ўсё паўналетні, “здольны па сваіх дзелавых і маральных якасцях, стану здароўя ажыццяўляць дзейнасць па ўдзеле ў ахове правапарадку”. А вось людзей з судзімасцямі ці тых, хто стаяў на ўліку праз псіхічнае захворванне, наркаманію альбо алкагалізм, недзеяздольных у дружыну не возьмуць! І тым больш тых, хто на працягу года быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Максімальнага ўзросту для дружыннікаў няма. А ў “Прыкладным палажэнні аб добраахвотнай дружыне” пазначаецца, што ў пазаштатныя дружыннікі прымаюцца грамадзяне ў тым ліку і “з пенсіянераў, як правіла, былых работнікаў праваахоўных органаў”.

Што могуць сябры дружын? А тут ужо самае цікавае

У адпаведнасці з заканадаўствам, сябры дружын маюць шмат паўнамоцтваў:

— патрабаваць захавання правапарадку;

— патрабаваць прад'яўляць дакументы;

— спыняць правапарушэнні, затрымліваць грамадзян і перадаваць іх міліцыі;

— адбіраць у правапарушальнікаў “прылады здзяйснення правапарушэнняў ці іншыя прадметы, пакіданне якіх у правапарушальніка можа пагражаць асабістай бяспецы сябра добраахвотнай дружыны або іншых асоб”;

— уваходзіць у клубы, рэстараны і г. д. для спынення правапарушэнняў ці пераследу правапарушальнікаў;

— стаяць у ачапленнях;

— выкарыстоўвываць бясплатна тэлефоны і іншыя сродкі сувязі юрасоб для сувязі з праваахоўнымі органамі, выкарыстоўваць транспарт юр- і фізасоб для таго, каб дастаўляць у арганізацыі аховы здароўя пацярпелых;

— ужываць да правапарушальнікаў фізічную сілу.

Праўда, ужываць сілу дружыннікі могуць толькі тады, калі “іншыя спосабы не забяспечваюць выканання імі функцый па ўдзеле ў ахове правапарадку”. Пры гэтым, калі дружыннік збіраецца выкарыстаць сілу, ён мусіць папярэдзіць пра гэта правапарушальніка. А яшчэ пастарацца мінімізаваць шкоду і нават, калі спатрэбіцца, аказаць “праціўніку” даўрачэбную дапамогу. 

Прымяняць сілу да цяжарных, інвалідаў ды непаўналетніх нельга. Перавышэнне паўнамоцтваў у гэтым пытанні караецца ў адпаведнасці с заканадаўствам.

Ад вусных патрабаванняў да фізічнай сілы: што могуць “добраахвотныя дружыны”
Добраахвотная дружына ў Беларусі / "Минск-Новости"

Як зразумець: дружыннік ці бандыт?

Сябры дружын павінны быць пазначаны чырвонай павязкай с жоўтымі літарамі “Дружыннік па ахове правапарадку Рэспублікі Беларусь”.

Таксама яны павінны мець пасведчанне пазаштатнага супрацоўніка праваахоўных органаў і асаблівы нагрудны знак.

Дружыннікам плацяць за працу?

Дружыны — добраахвотныя аб’яднанні, фактычна валанцёрскія. Аднак за поспехі ў ажыццяўленні сваіх абавязкаў яны могуць быць заахвочаны. Прычым не толькі матэрыяльна, але і дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі