Вы тут

Ад распусты да патрыятызму: што за вядучая вучыць на БТ радзіму любіць

Кацярына Ціхамірава ў эфіры БТ усяго некалькі месяцаў​

Бландынка ў акулярах і з сабранымі ў пучок валасамі ўсміхаецца з экрана тэлевізара і даверліва распавядае беларусам пра "згасаючы пратэст" і "неахайнасць лідараў апазіцыі". Знаёмцеся, гэта Кацярына Ціхамірава — новая зорка атрада байцоў з "беламайданам" з тэлеканала"Беларусь 1".

Еўрарадыё распавядае, што пра яе вядома.
 

"Шлях да здрады"

Кацярыне Ціхаміравай 32 гады. Яна нарадзілася ў Крыме, але большую частку свядомага жыцця правяла ў Калінінградзе, там жа атрымала адукацыю журналіста.

Нейкі час Ціхамірава пісала для шэрагу мясцовых выданняў. Потым сышла ў дэкрэт. А вярнулася — і адразу ў пекла: на мясцовую адыёзную радыёстанцыю "Рускі край". Па кантэнце гэта чымсьці падобна да "Царграда" і "Рэгнума".

— Гады два таму, калі я выйшла з дэкрэта, мне так і сказалі: нават не думай, ты не ўвойдзеш у калінінградскую журналісцкую тусоўку, — успамінае Ціхамірава ў інтэрв'ю. — Сказалі, што "са сваім патрыятызмам" ніколі не знайду працу ў калінінградскіх СМІ, што праца ў "Рускім краі" — гэта як чорная пазнака, як таўро на ўсё жыццё. Затым я на сабе адчула гэта стаўленне, калі большая частка калег, збіраючыся на прэс-падыходах у адміністрацыі Калінінграда або аблдуме, трымалася і трымаецца ад мяне асабняком, калі чуюць імя "Рускі край".

Ціхамірава верыць у тое, што людзі мала ведаюць гісторыю, а пакаленне 90-х "апрацоўвалася" з самага дзяцінства. Як абуральны факт яна падае школьны курс гісторыі, у якім кажуць не пра тое, што Германія напала на СССР, а пра тое, што краіны чакалі, хто ж першым нападзе, і не моцна былі адна лепш за іншую. Асабліва яе абураюць "ідэалагічныя дыверсіі" ў Калінінградзе.

— Праз "любоў да нямецкага" калінінградцам паралельна прышчапляюць варожасць да жыхароў астатняй Расіі, да "маскалёў". Гэта шлях да здрады ў дзяржаўным маштабе.
 

Жудасная распуста і ідэалагічная барацьба

Публікацыі Кацярыны Ціхаміравай пацвярджаюць яе словы. Яна моцна стаіць на пазіцыях класічных фанатаў "рускага свету", абараняе "маральнасць" і да таго падобнае.

Напрыклад, Ціхамірава абрыналася на рэканструктараў у артыкуле "Ворагі Расіі як люстэрка моладзевай палітыкі Калінінградскай вобласці". Прэтэнзія — у тым, што героі артыкула рэканструююць падзеі Другой сусветнай у тым ліку ад асобы немцаў.

— Чым кіраваліся калінінградскія чыноўнікі, якія накіравалі на Усерасійскі форум рэканструктараў, што праводзіўся, дарэчы, у рамках расійскай праграмы, накіраванай на патрыятычнае выхаванне моладзі, чалавека, які адчувае гонар за нямецкіх захопнікаў і назваў у гонар іх "бліскучай" аперацыі свой клуб? — абураецца аўтарка.

Своеасаблівы шэдэўр жанру — іншы матэрыял Ціхаміравай, "Ачаг распусты і наркотыкаў Каzантып хоча прапісацца ў Янтарным". Прысвечаны ён быў легендарнаму фестывалю, які праходзіў доўгія гады ў Крыме, але пасля анэксіі паўвострава страціў "прапіску" праз абвінавачванні ў распаўсюдзе наркотыкаў.

— Ці атрымае ачаг распусты і наркотыкаў Каzантып прапіску на Балтыйскім узбярэжжы — афіцыйных заяў ад кіраўніцтва рэгіёну пакуль не гучала. Будзем спадзявацца, што такія каштоўнасці, як духоўнасць і маральнасць, усё ж перацягнуты на шалі вагаў і ўлады рэгіёну не пусцяцца ў пагоню за прывіднымі лічбамі ў статыстыцы турпрывабнасці і грашыма ад сумнеўнага фестывалю, як гэта ў свой час рабілі ўлады ўкраінскага Крыму,заключала яна ў артыкуле.

Праўда, экзэрсісы Ціхаміравай падчас працы ў "Рускім краі" наўрад ці чытала шмат людзей: на сёння ў Фэйсбуку ў радыёстанцыі каля 250 лайкаў, а ў "ВКонтакте" — 1100 падпісчыкаў. Наведвальнасць сайта і ўвогуле настолькі малая, што Similarweb яе не можа назваць.
 

Навучу вас радзіму любіць

У 2020-м Ціхамірава з сям'ёй пераязджае ў Мінск. І, каб не сядзець без справы, вырашае працягнуць кар'еру журналіста. Куды ісці амбітнай дзяўчыне-"праўдарубцы"? Правільна, на БТ.

Да канца лета холдынг адчуваў відавочны недахоп у кадрах: некаторыя сыходзілі яшчэ да выбараў, але пасля 9-11 жніўня супрацоўнікаў, якія звольніліся, было вельмі шмат. І тут якраз з'явілася расіянка з "правільнымі" поглядамі.

Першы яе сюжэт на "Беларусь 1", які можна знайсці сёння, прысвечаны таму, што заклікі да байкоту дзяржтавараў "мелі зваротны эфект". Потым яна распавядала пра форум "Беларусь — гэта мы". І, вядома, не пакінем без увагі сюжэт "У Беларусі актыўнасць жаночых суботніх маршаў, якія надакучылі многім, плаўна згасае". Па ўзроўні рыторыкі — канкурэнтка Людміле Гладкай і СБ.

Кацярына, напэўна, сумуе па Балтыйскім моры / Фота з сацсетак

Да сярэдзіны восені Ціхамірава і зусім пачала весці ўласную рубрыку. Яна перыядычна з'яўляецца ў эфіры і распавядае пра тое, як "плацяць пратэстоўцам", на якія сродкі фінансуюцца замежныя СМІ і да таго падобнае. Сярод беларусаў-супрацоўнікаў АТН ніхто моцным жаданнем весці такое не загарэўся. А Ксеніі Лебедзевай, якая цяпер спрабуе стаць беларускім Салаўёвым, на ўсіх не хопіць.

Апошняя праца Кацярыны Ціхаміравай — "расследаванне" па матывах заяў экс-журналісткі СБ Святланы Галуза, якая "выявіла" падрабязнасці пра "змовы" ў штабе Ціханоўскай і нібыта несумленную працу фондаў ByHELP.

Як і заўсёды, вядзе яна да аднаго: апазіцыя кепская, а нікога лепш за Лукашэнку ў свеце няма. Гасцям з Расіі лепш відаць. Зрэшты, моцных прэтэнзій да яе як да чалавека пры гэтым у калег не маецца.

— Наогул адэкватная, лепш [за іншую адыёзную журналістку БТ. — Еўрарадыё], — распавялі супрацоўнікі БТ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.