Вы тут

Ад Балтарусіі да Вайсрусланда: як у Еўропе называюць Беларусь

Belarus на палітычнай карце Еўропы / bamap.org

Літва гатовая змяніць назву Беларусі ў літоўскай мове з Baltarusija на Belarus. Пра гэта 11 студзеня заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс. Па словах міністра, у выкарыстоўванай літоўцамі назве павінна адлюстроўвацца тое, што "Беларусь" азначае "Белая Русь". Балтарусія ж — гэта даслоўна "Белая Расія".

"Калі беларусы выкажуць такое пажаданне, то мы абавязкова разгледзім гэтае пытанне гэтаксама, як мы ўжо змянілі назву Грузіі на Сакартвэла", — сказаў Ландсбергіс.

Аказваецца, што ў літоўскай мове ўжо ёсць свая гістарычная назва Беларусі — Gudija (беларуса называюць gudas, а беларусаў — gudai). Нават на некаторых геаграфічных картах, выдадзеных у Літве, выкарыстоўваецца найменне Gudija.

Што ж гэта за слова, якім літоўцы называюць нашу краіну?

Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што этнонім gudai быў адной са старажытных назваў яцвягаў, балцкай племянной групы, якая ў першым тысячагоддзі нашай эры пражывала ў тым ліку і на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Лічыцца, што менавіта гуды-яцвягі пакінулі сляды ў назвах населеных пунктаў, якія сустракаюцца ў басейне верхняга Нёмана і яго правых прытокаў. Тут дагэтуль захаваліся назвы вёсак з коранем "гуд": Гуды ў Лідскім і Валожынскім, Гудзелі ў Стаўбцоўскім і Воранаўскім раёнах, Гудаўшчына ў Браслаўскім, Вілейскім і Ашмянскім раёнах, Гудзевічы ў Мастоўскім раёне, Гудзяняты ў Іўеўскім раёне.

Сярод лінгвістаў таксама распаўсюджана меркаванне, што літоўскае слова "гуды" пайшло ад этноніма... готы. Такога меркавання, напрыклад, прытрымліваецца нямецкі навуковец Франкель: "Слова першапачаткова адносілася да нямецкага племя готаў, а потым да беларусаў". Гэту версію падтрымаў і літоўскі лінгвіст Зігмас Зінкявічус.

Як жа Беларусь называюць у іншых краінах?

З суседзяў найбольш набліжаныя да арыгінала назвы ў польскай і ўкраінскай мовах: "Białoruś" і "Білорусь" адпаведна. Ну а з расіянамі можна бясконца спрачацца пра неіснуючую краіну Беларусію. Менавіта так нашу краіну называюць і ў расійскіх СМІ, і нават на рускамоўнай старонцы ў Вікіпедыі.

У Латвіі, як і ў Літве, Беларусь называюць "Белай Расіяй". На латышскай гэта гучыць: Балткрыевія.

Пытанне "правільнага" напісання назвы нашай краіны на латышскай мове ў верасні мінулага года падняў дэпутат Сейма Яніс Дамбрава. Але, праўда, слова "Беларусь" у яго развагах не фігуруе. 

Паводле яго слоў, беларускі народ пайшоў ад прыбалтаў са славянамі, адсюль і трэба браць назву краіны і народа: "Нядаўна пачаліся дыскусіі пра назву Беларусі. Гэта краіна ўтварылася шляхам зліцця прыбалтыйскіх народаў са славянамі Кіеўскай Русі. Фактычна беларускі народ — гэта нашчадкі прыбалтаў і русаў, таму назва балтрусы лагічная", — пафантазіраваў латышскі дэпутат.

Пазітыўны прыклад: з 25 лістапада 2019 года МЗС Швецыі прыняло рашэнне афіцыйна называць нашу краіну Belarus. Швецыя адмовілася ад выкарыстання ў афіцыйных дакументах для абазначэння Беларусі слова Vitryssland, якое даслоўна перакладаецца як "Белая Расія".

Перайменаванне заклікана падкрэсліць нацыянальную ідэнтычнасць і суверэнітэт Беларусі ў інтарэсах беларускай грамадзянскай супольнасці і дыяспары ў Швецыі, адзначалася ў заяве МЗС Швецыі.

Што да іншых краін кантынентальнай Еўропы, то пераклады назвы нашай краіны на іх мовы можна падзяліць на тры групы: "Беларусь", "Белая Расія" і зноў жа "Беларусія".

Краіны еўрапейскага рэгіёна, дзе назвы Беларусі ўтвораны ад слова "Беларусь":

1. Вялікабрытанія — Belarus.

2. Ірландыя — An Bhealarúis.

3. Чэхія — Bělorusko.

4. Славакія — Bielorusko.

5. Румынія — Belarus.

6. Малдова — Belarus.

7. Балгарыя — Беларус.

8. Польшча — Białoruś.

9. Украіна — Білорусь.

10. Грузія — ბელარუსი (Belarusi).

11. Арменія — Բելառուս (Belarrus).

12. Азербайджан — Belarus.

13. Швецыя — Belarus.

 

Краіны, дзе назвы Беларусі ўтвораны ад "Белай Расіі":

1. Ісландыя — Hvíta-Rússland.

2. Нарвегія — Valko-Venäjä.

3. Нідэрланды — Wit-Rusland.

4. Бельгія — Wit-Rusland.

5. Германія — Weißrussland.

6. Аўстрыя — Weißrussland.

7. Швейцарыя — Weißrussland. 

8. Венгрыя — Fehéroroszország.

9. Грэцыя — Λευκορωσία (Lefkorosía).

10. Турцыя — Beyaz Rusya.

 

Краіны, дзе назвы Беларусі ўтвораны ад "Беларусіі":

 

1. Францыя — Biélorussie.

2. Партугалія — Bielorrússia.

3. Іспанія — Bielorrusia.

4. Італія — Bielorussia.

5. Славенія — Belorusija.

6. Харватыя — Bjelorusija.

7. Боснія і Герцагавіна — Bjelorusija.

8. Сербія — Белорусија.

9. Чарнагорыя — Bjelorusija.

10. Косава — Bjellorusia.

11. Албанія — Bjellorusia.

12. Македонія — Белорусија.

13. Расія — Белоруссия.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.