Абстрэл Дняпра і папярэджанне Беларусі — 218-я раніца вайны

У выніку абстрэлу Дняпра ёсць загінулыя і параненыя / @dnipropetrovskaODA
У выніку абстрэлу Дняпра ёсць загінулыя і параненыя / @dnipropetrovskaODA

Як мінімум тры чалавекі загінулі, яшчэ пяцёра параненыя ў выніку начнога абстрэлу Дняпра. Пра гэта ў Telegram распавёў кіраўнік Днепрапятроўскай  адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Сярод загінулых — адно дзіця. Параненая 12-гадовая дзяўчынка. "Ратавальнікі дасталі яе з разбітага дома, дзе яна проста спала, калі туды прыляцела расійская ракета", — кажа Разнічэнка. Па яго словах цалкам разбураныя некалькі прыватных дамоў. Ратавальнікі працягваюць разбіраць завалы, шукаюць людзей.

Раніца пачалася з выбухаў і ў акупаваным расіянамі Мелітопалі. "Меркавана выбух быў каля аўтаматорнага тэхнікума, цяпер там ужо вайскоўцы, усё ачэплена, нікога не пускаюць", паведамляе РІА Мелітопаль.

У Генштабе УСУ кажуць, што за мінулыя суткі ад удараў праціўніка пацярпелі больш за 28 украінскіх населеных пунктаў. А падраздзяленні сіл абароны адбілі атакі расіян у раёнах Зайцава, Маёрска і шэрагу іншых населеных пунктаў.

Паводле ацэнкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, расіяне  28 верасня "працягвалі беспаспяховыя наземныя атакі ў Данецкай вобласці", а ўкраінцы — "верагодна, працягвалі дамагацца значных поспехаў у раёне Лімана, наступаючы з поўначы ўздоўж дугі Зялёная Даліна-Калодзежы і з паўднёвага ўсходу вакол Ямпаля". Там таксама адзначылі, што ўкраінскія ваенныя чыноўнікі маўчаць аб сваіх дзеяннях у Херсонскай вобласці, і што там, мяркуючы па ўсім, "украінскія войскі працягваюць пазіцыйныя баі ў неадзначаныя месцах для ўмацавання і паляпшэння сваіх пазіцый ўздоўж паўднёвага напрамку".

Обстрел Днепра и предупреждение Беларуси — 218-е утро войны
Сітуацыя вакол Лімана і карта баёў у Данецкай вобласці /understandingwar.org

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін штодня цісне на Аляксандра Лукашэнку, каб той пачаў ўзброеную агрэсію з боку Беларусі. Пра гэта заявіў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў у інтэрв'ю тэлеканалу "Настоящее время".

"Не думаю, што Лукашэнка прыме такое рашэнне. Але калі з боку Беларусі будуць ісці войскі, як гэта было 24 лютага, яны атрымаюць такі адказ, на які не разлічвалі", — адзначыў Данілаў. У гэтым інтэрв'ю сакратар украінскага СНБА таксама заявіў, што ўжываць стратэгічную ядзерную зброю Пуцін "дакладна не будзе".

"Нават калі ён выкарыстоўвае тактычную ядзерную зброю, то гэта будзе канец РФ. Адразу пачнецца ізаляцыя Расиі ад цывілізаванага свету — будзе анклаў, з якім ніхто не будзе жадаць мець справу, у тым ліку і кітайцы", — дадаў ён.

Камандзіры з "Азоўсталі", якіх вызвалілі з расійскага палону, ужо ў бліжэйшы час змогуць пабачыцца са сваімі роднымі, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Байцы, нагадаем, зараз знаходзяцца ў Турцыі. "Мы працуем над гэтым", —  сказаў украінскі прэзідэнт. Паводле яго слоў, усе, хто быў нядаўна вызвалены з палону, атрымліваюць дапамогу, перш за ўсё медыцынскую падтрымку. Усе маюць патрэбу ў аднаўленні.

"Яшчэ раз падкрэслю: мы памятаем аб усіх нашых людзях, і імкнемся вызваліць кожнага і кожную з палону. Ні аб адным з украінцаў не забыліся", — сказаў Зяленскі.

Венгрыя зноў не дазволіла ўвесці санкцыі Еўрасаюза супраць патрыярха Рускай Праваслаўнай Царквы Кірыла. Гэта прапаноўвалі зрабіць некалькі краін ЕС. Пра гэта напісаў у Twitter журналіст "Радыё Свабода" Рыкард Ёзвяк. Па словах журналіста, Будапешт абгрунтаваў сваю пазіцыю тым, што ні адзін рэлігійны лідэр не павінен быць унесены ў санкцыйны спіс.

Урад Фінляндыі сёння прыме пастанову, якая "істотна абмяжуе права грамадзян Расіі на ўезд у краіну ў якасці турыстаў". Пра гэта паведаміла прэс-служба фінскага ўрада.

Акрамя таго, плануецца абмежаваць для расіян транзіт праз Фінляндыю. Будзе ўзмоцнены і кантроль на мяжы. Раней міністр замежных спраў краіны Пека Хаавіста казаў, што ягоная краіна мае намер увесці абмежаванні на ўезд для расіян, якія падарожнічаюць з раней выдадзенымі шэнгенскімі візамі. Свае межы для расіян ужо зачынілі Літва, Латвія, Эстонія і Польшча. Выключэнне зроблена толькі для тых, хто едзе наведаць родных або па іншых гуманітарных прычынах.

У рэйтынг Time100 Next (людзі, якія "ўплываюць на будучыню свету") часопіса Time трапілі два ўкраінскія міністры — міністр лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаіл Фёдараў і міністр інфраструктуры Аляксандр Кубракоў.

Фёдараў, на думку рэдакцыі, паспяхова змагаецца з расійскай прапагандай. "Расія гатовая выкарыстоўваць усе даступныя тэхналогіі для дэзінфармацыі. І таму Украіна пад кіраўніцтвам Фёдарава прыняла мэтанакіраваныя намаганні для процідзеяння гэтаму, інфармуючы суграмадзян з дапамогай сацыяльных медыя", — напісала для Time выканаўчы віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі па пытаннях цыфравізацыі Маргрэтэ Вестагер. А Кубракоў увайшоў у спіс, паколькі здолеў хутка прыстасаваць сваю працу да ваеннага часу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі