Абараняла брата: дзяўчыну, якая ўкусіла міліцыянта за сцягно, чакае суд

Момант затрымання / Еўрарадыё
Момант затрымання / Еўрарадыё

Міліцэйскія начальнікі любяць распавядаць пра радыкальных пратэстоўцаў, якія тыкаюць заточкамі ў спіны доблесным сілавікам і засыпаюць іх з балконаў "кактэйлямі Молатава". Праўда, чамусьці нам не даводзілася чытаць пра такія здарэнні ў міліцэйскіх зводках — яны так і застаюцца фантазіямі міліцэйскіх начальнікаў. 

А вось рэальнасць, пра якую ў зводках такі пішуць: мінчанку Наталлю Раентаву будуць судзіць за тое, што, заступіўшыся за брата, яна падчас затрымання ўкусіла міліцыянта за сцягно.

Яны пачалі першага Сашу хапаць. Наташа, натуральна, пачала крычаць і заступацца. Яе так скруцілі, што ў адказ на боль яна інстынктыўна ўкусіла. Калі яна ўкусіла, аслабілі хватку, — распавядае Еўрарадыё Любоў, маці Наталлі. — Хачу, каб яе адпусцілі, і ўсё. Ім можна збіваць, а нам нічога нельга, выходзіць? Яна ж не спецыяльна, так атрымалася!

На відэа, якое зрабілі відавочцы, Аляксандра спрабуюць выцягнуць з тралейбуса супрацоўнік у форме АМАПу і некалькі мужчын у цывільным.

Яны ж не прадставіліся. Ён [супрацоўнік органаў унутраных спраў. — Еўрарадыё] быў у джынсах і ў куртцы. Правільна, па тэлевізары яны ў канцы зрабілі ўстаўку, што працуе міліцыя. А спачатку яны ж нічога не сказалі, пачалі хапаць! — працягвае Любоў Раентава.

І Аляксандр, і Наталля пасля таго эпізоду ўжо адседзелі "суткі" за ўдзел у мітынгу: ён — 15, яна — 12.

Яе адпусцілі і зноў забралі, — распавядае маці Наталлі. — Прыехалі дадому з аўтаматамі, стрэльбамі, у масках, скруцілі і забралі. Я была дома, яшчэ крычала: "У нас жа няма зброі!" Гэта было страшна.

Аляксандра пакуль што больш не затрымлівалі — але два тыдні таму міліцыянты забралі яго кампутар і тэлефон.

Зараз Наталля Раентава ў Жодзіне. Яна абвінавачваецца па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Суд павінен прайсці 10 лістапада у судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Ёй пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.

Адвакат у нас ёсць, але ў цяперашні час усё непрадказальна. Наташа інжынер-сістэматэхнік, вучылася ў БДУІРы, была старастай групы, працавала на чыгунцы, але цяпер не — у яе праблемы са здароўем. Ні разу не судзімая.  Ёй маглі б даць "умоўнае" , але па цяперашніх часах невядома, як яны могуць гэта павярнуць.
 

Відэа з тралейбуса зніклі?

Аляксандр адзначае, што хацеў бы далучыць да справы відэа затрымання з тралейбуса. Але іх чамусьці немагчыма знайсці.

У тралейбусе былі камеры. Але запісы ніхто не дае. Следчая сказала, што запыт нібыта адправілі ў тралейбуснае дэпо, а яны адказ не далі, — кажа Аляксандр.

У Мінсктрансе Еўрарадыё не адказалі, што адбылося з тымі запісамі і ці існавалі яны наогул.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі