ААЦ пазбавіў даменнага імя незалежнае выданне EX-PRESS.BY

ААЦ забірае даменныя імёны ў недзяржаўных СМІ / pixabay.com
ААЦ забірае даменныя імёны ў недзяржаўных СМІ / pixabay.com

Аператыўна-аналітычны цэнтр пазбавіў даменнага імя недзяржаўны сайт EX-PRESS.BY, паведамляе БАЖ. Гэта быў рэгіянальны сайт навінаў Барысаўшчыны.

Як адзначае БАЖ, ад уладальніка дамена запатрабавалі дакументы, якія пацвярджаюць праўдзівасць звестак пры яго рэгістрацыі. Прычым дакументы запатрабавалі "явачным парадкам" — гэта значыць, уладальнік быў абавязаны сам прынесці іх.

Дарэчы, у законе няма патрабавання пра асабістую прысутнасць уладальніка. Дзеянні ААЦ у БАЖ расцэньваюць як перавышэнне паўнамоцтваў.

У кастрычніку 2021 года сайт EX-PRESS.BY быў прызнаны "экстрэмісцкімі матэрыяламі" паводле заявы пракуратуры Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. У лютым 2023-га той жа суд зноў прыняў такое ж рашэнне.

Кіраўніцтва рэдакцыі вырашыла "эвакуяваць" журналістаў з Беларусі, каб яны не сталі ахвярамі рэпрэсій. Адпаведна, для пацвярджэння звестак ніхто не з'явіўся, што было расцэнена як парушэнне парадку рэгістрацыі даменнага імя.

Гэта ўжо другі выпадак, калі незалежныя СМІ пазбаўляюць даменных імён у Беларусі. Як распавядала Еўрарадыё, на днях ААЦ пазбавіў рэгістрацыі іншае недзяржаўнае СМІ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі