84 гады калоніі на ўсіх — у Брэсце вынеслі прысуд па "пінскай справе"

Ноч пасля выбараў у Пінску / dw.com​
Ноч пасля выбараў у Пінску / dw.com​

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 30 красавіка абвясцілі прысуд фігурантам "пінскай справы". 14 жыхароў райцэнтра абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК РБ). У ноч з 9 на 10 жніўня яны ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту. Паводле версіі следства, абвінавачаныя кідалі ў міліцыянтаў камяні і неўсталяваныя прадметы, білі палкамі па шчытах, паведамляе TUT.BY.

Суд прызнаў віну ўсіх фігурантаў справы і прызначыў ім ад 5,5 да 6,5 гадоў калоніі. Тэрміны атрымалі і пара Алена і Сяргей Маўшукі. Да сённяшняга дня Сяргей Маўшук заставаўся пад хатнім арыштам. Пасля абвяшчэння прысуду яго ўзялі пад варту ў зале суда. Іх пяцігадовую дачку змясцілі ў прытулак яшчэ да вынясення прысуду.

Калі пракурор абвясціў для Алены тэрмін у 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму, яна напісала на нататніку: "Я павешуся", — і паказала нататнік мужу, распавядалі журналістам "Радыё Свабода" сваякі.

У апошнім слове Алена прасіла змякчыць ёй пакаранне.

"Я вінаватая толькі ў тым, што нанесла удары па шчыце. Але зрабіла я гэта ў мэтах абароны, як толькі мне нанеслі моцныя ўдары дубінкай. Я вельмі моцна шкадую і раскайваюся", — казала яна.

У выніку Алену Маўшук прысудзілі да 6 гадоў калоніі, як і прасіў пракурор.

Праваабаронцы прызналі ўсіх фігурантаў "пінскай справы" палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі