81-гадовую пенсіянерку аштрафавалі на 270 рублёў за тое, што ішла з БЧБ-сцягам

81-гадовую пенсіянерку аштрафавалі на 270 рублёў за тое, што ішла з БЧБ-сцягам

Суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў 81-гадовую Соф'ю Мінько на 270 рублёў (10 базавых велічыняў). Жанчыну прызналі парушальніцаў артыкула ч. 1 арт. 23.34 КаАП, перадае Радыё "Свабода".

Мінчанку затрымалі 7 снежня, калі яна адна ішла з бел-чырвона-белым сцягам па праспекце Незалежнасці. Да суда яе адпусцілі і нават аддалі сцяг.

7 снежня міліцыянты сарвалі Марш мудрасці, які планаваў прайсці па сталічных вуліцах з плошчы Якуба Коласа. Соф'я Мінько не паспела дайсці да месца збору, таму пайшла па вуліцы адна. Яна заяўляе, што мае права хадзіць па вуліцы, і не разумее, за што яе судзяць.

"Я ад сэрца свайго хаджу, хадзіла і хадзіць буду, проста сілы няма. Я за моладзь; я пацярпела ад гэтай улады, у мяне есьць прычына хадзіць, каб маладыя жылі не так, як мы. Нам балюча, мы ідзём. Мы, пенсіянэры, перашкаджаем, бо нам пенсію плаціць трэба. На пенсію я не магу купіць лекі; не маю кватэры, у мяне адабралі кватэру. Я добра ведаю сітуацыю, ніводнага разу за Лукашэнку не галасавала — тады ўжо разумела", — кажа жанчына.

Суддзя Карсюк зачытаў пратакол, у якім паведамлялася, што Соф'я Мінько ўдзельнічала "ў арганізаваным масавым руху групы грамадзян у колькасці 50 чалавек па пешаходнай частцы вуліцы". Пры гэтым яна трымала ў руках бел-чырвона-белы сцяг.

Жанчына прызнала віну часткова — што несла сцяг. Але шэсця пры гэтым не было, заявіла яна. На пытанне суддзі, навошта яна несла сцяг, пенсіянерка заявіла: "Таму што гэта мой сцяг, гэта мой родны сцяг". Яна патлумачыла, што выказвае пратэст супраць свавольства, якое ўлада чыніць над ёй 17 гадоў. 

Адвакатка звярнула ўвагу на памылкі і недапрацоўкі ў пратаколе і прапанавала вярнуць яго на дапрацоўку або спыніць справу. "Ніякай пагрозы пенсіянерка, якая ішла па праспекце ў руках са сцягам, ні для грамадства, ні для дзяржавы не нясе. Гэта права на выказванне яе думкі. Сёння, на жаль, незаконным выказваннем думкі лічаць вывешванне сцягоў. Цяпер я таксама выказваю сваю думку. Атрымліваецца, мяне таксама можна абвінаваціць у пікетаванні, якое я ні з кім не ўзгадняла?" — запыталася адвакатка.

Тым не менш суддзя прызначыў штраф. 

Як распавядала Еўрарадыё, 15 снежня за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на гаўбцы, судзілі 87-гадовую Лізавету Бурсаву. Суддзя Аляксандр Рудэнка аштрафаваў яе на 405 рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі