Вы тут

"5 тысяч там загінулі!" — "Ну і што?" Размова Лукашэнкі і Саргсяна — сапраўдная

Лукашэнка і Саргсян на саміце АДКБ

Увечары 7 снежня армянскі ТГ-канал "Баграмян 26" апублікаваў запіс размовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Сержам Саргсянам. Сапраўднасць запісу адразу ж выклікала пытанні. Аднак пазней журналісты атрымалі пацвярджэнні гэтаму.

А калі размова сапраўды мела месца, ёсць сэнс прывесці яе поўную расшыфроўку.

"Мая пазіцыя слабаватая?"

Серж Саргсян: Мы хочам жыць у міры і спакоі, але толькі наша жаданне, на жаль, недастатковае.

Аляксандр Лукашэнка: Ну вось неяк "я аддам усе раёны, а яны потым пачнуць ваяваць". А калі не пачнуць?

Серж Саргсян: Як гэта не пачнуць? А можна хіба, калі пакінуць 150 тысяч насельніцтва?

Аляксандр Лукашэнка: Дык вось я і кажу, што: "Ну тады добра, давайце, калі мы арганізацыя, абаронім, зробім так, каб не было вайны пасля таго, як аддасі".

Серж Саргсян: А як мы гэта зробім?

Аляксандр Лукашэнка: Ну гэта ўжо мы павінны вырашыць, аж да таго, што мы павінны туды пэўныя міратворчыя сілы накіраваць. Напрыклад.

Трэцяя асоба: Так, у Нагорны Карабах, расставім па мяжы.

Аляксандр Лукашэнка: Ну а чаму не? Мы ж не ваяваць туды прыйдзем, а дамоўленасці выканаць. Разумееш, вось тут твая пазіцыя слабаватая. Мне здаецца.

Серж Саргсян: Мая пазіцыя слабаватая?

Аляксандр Лукашэнка: Так.

Серж Саргсян: Чаму?

Аляксандр Лукашэнка: Не, ну... "Я не аддам сем раёнаў, таму што потым ты пачнеш супраць мяне ваяваць". А тут адразу: "А калі не пачне?"

Серж Саргсян: Вядома, а што значыць "калі не пачне"? А калі пачне?

Трэцяя асоба: Калі там паставіць міратворцаў.

Аляксандр Лукашэнка: Дык я ж кажу, гаранты ўступаюць у справу.

"5 тысяч чалавек там загінулі!" — "Ну і што?"

Серж Саргсян: А чаму проста так аддаваць, я не разумею?

Аляксандр Лукашэнка: Як проста так, ну, заплаціць.

Серж Саргсян: Заплаціць?

Аляксандр Лукашэнка: Ён табе прапаноўваў пяць мільярдаў на першым этапе.

Серж Саргсян: Хай... Я яму аддаю шэсць мільярдаў, хай ён адмовіцца ад гэтага.

Аляксандр Лукашэнка: Ад чаго? Ад сямі раёнаў? Ды ты што? Калі б ты сказаў "Я аддаю сем раёнаў, не хочаш прызнаваць. Вось вы тут з расіянамі разумныя — давайце 20 тысяч туды, каб стабілізавалася абстаноўка". І мы б нікуды не дзеліся, і ўсе б разам вырашалі гэту праблему. Але ты не хочаш яе вырашаць.

Серж Саргсян: Аляксандр Рыгоравіч…

Аляксандр Лукашэнка: Гэта маё меркаванне, кажу табе як сябар.

Серж Саргсян: Паслухай, калі ласка. Я не магу гэтага рабіць. Чаму? Таму што гэтыя сем раёнаў было заваявана пяццю тысячамі хлопцаў, якія там загінулі. Пяць тысяч чалавек там загінулі!

Аляксандр Лукашэнка: Ну і што?

Серж Саргсян: Ну і што. Ну калі для цябе "ну і што"…

Аляксандр Лукашэнка: Не, дык у нас з ім загінула 30 мільёнаў. І што? Мы што, сёння з немцамі ваюем?

Серж Саргсян: Па-першае, у нас не менш загінула, толькі 30 тысяч загінула за Беларусь, вось у гэтай вайне.

Аляксандр Лукашэнка: Тым больш.

"Незразумела як"

Паколькі запіс апынуўся ў распараджэнні выдання праз неправераныя крыніцы, яно само не было ўпэўнена ў яго сапраўднасці. Аднак крыху пазней сапраўднасць размовы пацвердзілі ў офісе прэзідэнта Арменіі.

Гутарка паміж Лукашэнкам і Саргсянам адбылася падчас саміту АДКБ у кастрычніку 2016 года.

"Незразумела, як запіс непублічнай гутаркі прэзідэнтаў падчас сустрэчы ў вузкім складзе на сесіі Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), якая адбылася ў Ерэване 14 кастрычніка 2016 г., апынуўся ў інтэрнэце.

Офіс трэцяга прэзідэнта РА публікацыю аўдыязапісу прымае як факт і ўстрымліваецца ад каментароў, улічваючы тую акалічнасць, што праведзеныя ў закрытым фармаце пасяджэнні не падлягаюць каментаванню, як не падлягалі да гэтага часу", — такі каментар апублікаваў офіс трэцяга прэзідэнта Арменіі.

Пра змест гэтага дыялогу з Саргсянам Лукашэнка ўжо гаварыў у снежні 2018 года.

"Потым ужо адкрыта сказаў: слухай, як яны кажуць, акупавалі сем раёнаў. І мы з Пуціным занялі кансалідаваную пазіцыю (гэта было ў Ерэване на АДКБ): Серж, аддай гэтыя пяць раёнаў. Якая прычына не вярнуць іх, яны ж пустуюць? Ён кажа: калі я вяртаю, яны там дарогу перарэжуць, акупуюць Карабах і іншае. І мы з Пуціным дакладна паабяцалі, што мы ўвядзём свае войскі і гэтага не дазволім (пры азербайджанцах гэта казалі). Ён сказаў: не, мы на гэта не пойдзем, мы гэтага не хочам", — тады так ён сказаў пра канфлікт.

У чым сутнасць канфлікту ў Нагорным Карабаху?

Чарговае абвастрэнне карабахскага канфлікту адбылося 27 верасня. Баявыя дзеянні працягваліся больш за месяц. 10 лістапада Расія, Азербайджан і Арменія апублікавалі трохбаковае пагадненне аб спыненні агню. Па яго ўмовах Баку вяртае сабе кантроль над шэрагам раёнаў Карабаха, у тым ліку над горадам Шушы.

У зоне канфлікту было вырашана разгарнуць міратворчыя сілы Расіі. Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў пасля пагаднення заявіў пра "капітуляцыю Арменіі" і перамогу сваёй краіны.

Нікол Пашынян растлумачыў падпісанне дакумента адсутнасцю ў Арменіі іншага выйсця. Паводле яго слоў, рашэнне аб падпісанні дакумента было прынята на аснове аналізу ваеннай сітуацыі. Ён дадаў, што на перамір'і настаяла войска.

Пасля абвяшчэння ўмоў перамір'я ў Ерэване ўспыхнулі масавыя пратэсты. Іх удзельнікі называлі Пашыняна здраднікам і патрабавалі яго адстаўкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.