19-гадовую студэнтку адлічылі з універсітэта і судзяць за надпіс "БЧБ жыве!"

19-гадовую студэнтку адлічылі з універсітэта і судзяць за надпіс "БЧБ жыве!"

27 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебску пачаўся суд над былой студэнткай мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта Юліяй Алейнік

Як паведамляе "Віцебская Вясна", дзяўчына напісала на бетоннай трубе "БЧБ жыве!". За гэта на яе пачалі крымінальную справу паводле арт. 341 КК ("Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці"). 

На пачатку суда Юлія заявіла, што адміністрацыя ўніверсітэта прымусіла яе напісаць заяву на адлічэнне. Дзяўчына вучылася на трэцім курсе. Пасля выключэння яе выселілі з інтэрната.

Гаворачы пра віну Алейнік, пракурор Лазарэнка заявіў, быццам сваім надпісам на каналізацыйным калектары яна "знізіла эстэтычныя характарыстыкі гэтай маёмасці, што пацягнула неабходнасць ліквідавання названых надпісаў шляхам зафарбоўвання".

Юрысконсульт "Віцебскводаканала", якому належыць калектар, Наталля Ганчарова расказала, што шкода склала 28 рублёў 17 капеек. У гэтую суму ўвайшлі паліва для аўтамабіля, набыццё 6 кг акрылавай фарбы і плата маляру.

Адвакат Юліі адзначыў, што 6 кг фарбы хапіла б, каб зафарбаваць 24 квадратныя метра паверхні, а надпіс займаў менш за 1 метр. Адвакат выказаў меркаванне, што сума шкоды завышаная, і прапанаваў выклікаць у суд маляра, які зафарбоўваў надпіс. Суддзя паабяцала падумаць над хадайніцтвам і абвесціла перапынак да 28 верасня.

Юлія Алейнік цалкам прызнала сваю віну. За надпіс на калектары дзяўчына прабыла ў віцебскім ізалятары з 6 па 8 ліпеня. 

Дарэчы, у жніўні 2020-га Юлію Алейнік затрымлівалі ва Ушачах за распаўсюд улётак з надпісам "Несумленныя выбары". Тады яе аштрафавалі. Цяпер ёй пагражае арышт да 3 месяцаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі