Вы тут

16-гадовы скакун з шастом пераехаў з Іркуцка, чытае белліт і лістуецца з Монда

скакун з шастом Мацвей Волкаў

Летась скакун з шастом Мацвей Волкаў пераехаў са сваёй сям’ёй з Іркуцка ў Мінск. 16-гадовага спартсмена лічаць неймаверна перспектыўным: сёлета ён паставіў сусветны рэкорд сярод юніёраў, а за найбліжэйшыя месяцы плануе адабрацца на Алімпіяду ў Токіа.

Чаму сям’я Мацвея пакінула Расію і як яе прынялі ў Беларусі? Як хлопцу даюцца беларуская мова і літаратура? Што малады спартсмен думае пра допінг? На пытанні Еўрарадыё адказваюць Мацвей Волкаў і яго бацька і трэнер Канстанцін Волкаў.

Усёй сям’ёй атрымалі грамадзянства Беларусі

Канстанцін Волкаў: Мы задумаліся пра пераезд з Расіі праз складаную сітуацыю вакол Усерасійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Яна забаненая ўжо шэсць гадоў, і каб выступаць на міжнародных спаборніцтвах, трэба атрымліваць нейтральны статус. Расійскія лёгкаатлеты выступаюць самастойна, самі аплачваюць свае выдаткі. Няма каманды: трэнераў, масажыстаў. Калі хто-небудзь аказваецца пад падазрэннем, дзейнічае калектыўная адказнасць.

Усе дакументы для атрымання Мацвеем спартыўнага грамадзянства Беларусі ўжо дасланыя ў World Athletics. З атрыманнем станоўчага адказу не павінна ўзнікнуць асаблівых перашкод. Мы ўсёй сям’ёй ужо атрымалі грамадзянства Беларусі.

 

Хаджу на ўрокі беларускай літаратуры

Мацвей Волкаў: Яшчэ год таму мы не ўяўлялі пераезд у Беларусь. Я хаджу на ўрокі літаратуры, але вызвалены ад вывучэння беларускай мовы. Яе я ўпершыню пачуў ужо ў Беларусі. Мне прасцей будзе размаўляць на ангельскай. Беларуская — мова як мова: нармальная, падабаецца, як гучыць.

Я пакуль не ведаю, ці застануся ў Беларусі назаўжды. Але тут адаптавацца проста: тая ж руская мова. Па менталітэце беларусы і рускія дужа падобныя. Нас прынялі ў Беларусі вельмі гасцінна. Я не адчуў асаблівых складанасцяў ад пераезду ў Беларусь. Я проста займаюся ўлюбёнай справай.

Разумны падыход да барацьбы з каранавірусам

Канстанцін Волкаў: Падрыхтоўку да пераезду мы распачалі з увядзеннем у Расіі каранавірусных абмежаванняў і забарон на трэніроўкі і спаборніцтвы. У Расіі скасавалі парад на 9 траўня, а ў Беларусі правялі. Відаць, што ў Беларусі разумны падыход да барацьбы з гэтым вірусам. Сябры з Беларусі паведамілі, што трэніруюцца, хай і з абмежаваннямі. Па вуліцы хадзіць можна, а на стадыён нельга? Смешна ж!

 

Канстанцін Волкаў і Мацвей Волкаў

Далі кватэру ва Уруччы

Канстанцін Волкаў: Кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі сказаў мне, што ў Беларусі нас будуць радыя бачыць. На пачатку ліпеня, калі ў вас якраз быў Дзень незалежнасці, мы з жонкай прыехалі і паглядзелі: нам усё спадабалася, нам прапанавалі годныя ўмовы. Пятага ліпеня мы ўсе ўжо выехалі з Іркуцка.

Федэрацыя дала нам кватэру ва Уруччы, побач з месцам трэніровак. Побытавых праблем няма, усё камфортна. Мы таксама выконваем усе дамоўленасці: ужо ёсць вынікі на спаборніцтвах, відаць перспектыва.

Пэўна, будзем вучыць беларускую

Канстанцін Волкаў: Вядома, кожны народ імкнецца захаваць сваю культуру. Тым не менш свет глабалізуецца: колькасць важных моў скарачаецца. Жаданне захаваць сваю мову будзе заўжды, і чым больш у свеце моў — тым лепей. Але працэс ідзе, і важна ведаць глабальны кірунак. 

Беларуская мова — прыгожая на слых, рускаму будзе нескладана яе вывучыць. Калі мы застанёмся ў Беларусі, пэўна, будзем вучыць беларускую: яна прасцейшая за рускую. Але ангельскую мову ты будзеш вучыць, дзе б ні жыў. Цяжка прымусіць вывучыць беларускую чалавека, які не жыве ў Беларусі.

 

Перапісваюся з Дзюпланцісам 

Мацвей Волкаў: Калі мне было шэсць гадоў, я проста паспрабаваў, што такое скачкі з шастом. Папрасіў бацьку паказць, як гэта працуе. Так і атрымалася, што дагэтуль займаюся. Бацька не прымушаў, дынастыя ні пры чым. Я сам захацеў скакаць з шастом.

Мая галоўная мэта — перасягнуць дасягненне бацькі і стаць алімпійскім чэмпіёнам [Канстанцін Волкаў — срэбны прызёр Алімпіяды-80. — Еўрарадыё]. Ну і ўсе скакуны з шастом імкнуцца да сусветнага рэкорду [6,15 м на адкрытым паветры і 6,18 м у закрытых памяшканнях. — Еўрарадыё]. Мой найгалоўнейшы сапернік — Арман Дзюпланціс [яму цяпер належаць абодва рэкорды. — Еўрарадыё]. Думаю, у найбліжэйшыя пару гадоў скачкі з шастом стануць самым папулярным відам лёгкай атлетыкі за кошт зарубы паміж мной і Монда [мянушка Армана Дзюпланціса. — Еўрарадыё]. У іншых відах няма такога спаборніцтва. Мы часам перапісваемся з ім, размаўлялі па відэасувязі. У нас нармальныя адносіны: адчуваецца невялікі накал, але збольшага стасункі сяброўскія.

Допінг часцяком ламае людзей

Канстанцін Волкаў: Тут замешаная палітыка. Канешне, былі выпадкі допінгу. Але цяпер у Расіі мінімум выпадкаў у лёгкай атлетыцы. Але яны ёсць усюды ў свеце.

У 1984 годзе я выйграў спаборніцтвы “Дружба” з вынікам, які дазволіў бы мне выйграць Алімпіяду. Тады мне было 24 гады. Мацвею столькі будзе ў 2028 годзе, калі Алімпіяду зноў прыме Лос-Анджэлес. Я спадзяюся, што ён возьме медаль, які не далі ўзяць мне.

Мацвей Волкаў: У скачках з шастом вырашае хуткасць. Шмат каму допінг можа наогул нашкодзіць. Тут патрэбны граматны падыход да трэніровак, займацца з розумам. Калі тэхнікі няма, але ты колеш допінг — у цябе ўсё яшчэ горш будзе. Допінг часцяком ламае людзей — па сутнасці, ён увогуле не патрэбны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.