Вы тут

"11 тысяч тон — гэта загрузка на паўдня": ці здарыцца ў чэрвені паліўны крызіс

Кадр з кінафільма "Шалёны Макс. Дарога лютасці"

У чэрвені 2021 года супраць наваполацкага "Нафтана" ўводзяцца санкцыі ЗША, на фоне якіх у медыяполі з'явілася інфармацыя пра скарачэнне паставак расійскай нафты. У той жа час Мазырскі НПЗ спыняецца на планавы рамонт.

Беларускія нафтавікі ўжо заявілі, што плануюць пастаўляць ва Украіну істотна менш бензіну А-95. А што ў гэтай сітуацыі будзе з беларускімі запраўкамі? Разбіраемся, ці пагражае Беларусі паліўны крызіс, і калі так, то калі.

Што там у "Нафтана"?

"Нафтан", фота БЕЛТА

— Ніякіх пытанняў з пастаўкамі нафты не будзе, — запэўнівае Лукашэнка пасля сустрэчы з Пуціным у Сочы. Гэта пра чуткі, што расійскія кампаніі, баючыся штрафных захадаў за парушэнне санкцый ЗША, перастануць пастаўляць нафту на "Нафтан".

Але, як паведамляе тг-канал Neftegram, у чэрвені па трубаправодзе на "Нафтан" паступіць 11 тысяч тон расійскай нафты, на Мазырскі НПЗ — 375 тысяч тон. Тым часам 11 тысяч тон нафты хопіць толькі на паўдня загрузкі наваполацкага завода.

Зрэшты, інсайдар з энергетычнай сферы сцвярджае, што гэта лічба — "гэта толькі той аб'ём, які не пабаялася паказаць нейкая дробная расійская кампанія". А на самай справе праблем з пастаўкамі ў чэрвені ў "Нафтана" не будзе, а значыць, завод будзе працаваць у штатным рэжыме. Да таго ж і ў наваполацкага, і ў мазырскага завода ёсць запасы.

— Каля 200 тысяч у кожнага з заводаў ёсць нафты ў рэзервуарах "Дружбы" — буфер на выпадак неладоў. Плюс пазычаюць як адно ў аднаго, так і ў "Дружбы" на працягу месяца, — кажа наш суразмоўнік.

 

Паліўнага крызісу не будзе?

— Усё залежыць ад попыту, — працягвае эксперт. — Пакуль "Нафтан" будзе працаваць, з 92-м [бензінам] праблем не будзе ў краіне. Каб рабіць 95-ы, "Нафтану" патрэбныя дадатковыя кампаненты.

У "Мазыра" ў мінулым месяцы быў план па 95-м — 80 тысяч тон. З іх 50-55 тысяч — гэта Украіна. Максімальнае назапашванне 95-га ў рэзервуарах — 33 тысячы тон. Адпаведна, калі Украіне паабяцалі ў чэрвені 10 тысяч, а завод спыніцца на рамонт, то ў Беларусі застаецца 23 тысячы. Не ведаю, якія ў "Нафтана" планы па 95-м. Але ўпрытык дзесьці месяц яшчэ хопіць.

Акрамя таго, паводле яго слоў, запас паліва для АЗС на 7-10 дзён ёсць у рэзервуарах "Беларуснафты". Таму, мабыць, імчацца на злом галавы на запраўку, каб "на ўсе" закупіцца бензінам, не варта. Як мінімум у найбліжэйшы месяц.

Як справы на Мазырскім НПЗ

Мазырскі НПЗ, фота belsmi.by

Мазырскі НПЗ пайшоў на капітальны рамонт — і таму абяцае забяспечваць "спажыўцоў на ўнутраным рынку і на экспартных кірунках" толькі "прапарцыйна зніжэнню аб'ёмаў загрузкі". Што гэта азначае на практыцы?

Па словах крыніцы Еўрарадыё на заводзе, хоць большая частка ўстановак і спыненая, персанал працягвае хадзіць на працу. Нагрузка на перыяд рамонту вырасла: усю дробную працу выконваюць менавіта яны. Буйныя работы праводзяць падрадчыкі.

— Выпуск некаторых відаў прадукцыі цяпер немагчымы. Не выпускаецца цяпер таварны бензін. Адгрузка ідзе з назапашаных раней аб'ёмаў. Той бензін, які выпускаецца, не праходзіць па нормах.

Загрузка завода цяпер — траціна ад максімальнай магутнасці і менш за палову ад звычайнай. Зразумела, што купляць нафту і не выпускаць тавар нявыгадна. Таму месяц, на які выпадае рамонт, заўсёды быў стратны. Таму рамонт імкнуцца выканаць як мага хутчэй. Працуюць усе.

Бензін, які вырабляецца ў час рамонту, "едзе ў порт":

— Пакупнік можа быць усякі. Якасць агаворваецца загадзя. Ён танны. Потым сусветныя трэйдары выкарыстоўваюць яго як танны кампанент для прыгатавання свайго таварнага бензіну. У іх з растваральнікамі праблем не бывае. Яны працуюць з усім светам круглы год.

Пра скарачэнні персаналу на МНПЗ, па словах суразмоўніка, гаворкі пакуль няма. Аднак кіраўніцтва завода баіцца санкцый, вынікам якіх можа стаць разрыў кантрактаў з пастаўшчыкамі каталізатараў і абсталявання. Без іх прадукцыя завода стане неканкурэнтаздольнай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.