10 чэрвеня будзе рэдкае сонечнае зацьменне — як яго назіраць і не апячыся

10 чэрвеня будзе рэдкае сонечнае зацьменне — як яго назіраць і не апячыся

10 чэрвеня адбудзецца рэдкае кольцападобнае сонечнае зацьменне. У момант максімальнай фазы бачны з зямной паверхні дыяметр Месяца будзе меншы за дыяметр Сонца. Гэта значыць, сонечны дыск будзе закрыты не цалкам і вакол Месяца з'явіцца яркае кольца — незакрытая частка Сонца.

Увогуле, такія зацьменні паўтараюцца — прыкладна раз на 223 месяцы. Наступнае падобнае зацьменне адбудзецца 21 чэрвеня 2039 года.

Зацьменне пройдзе праз Паўночны полюс

Зацьменне пачнецца прыблізна ў 9:55 па сусветным каардынаваным часе (UTC) — гэта значыць у 12:55 па мінскім часе. Яно “стартуе” ў канадскай правінцыі Антарыа, потым пройдзе праз Гудзонаў заліў і мора Бафіна. Найбольшая фаза зацьмення наступіць у Грэнландыі.

Далей паласа кольцападобнай фазы ўступіць у акваторыю Паўночнага Ледавітага акіяна, пройдзе праз Паўночны полюс і закране Расію: Якуцію, Чукотку, Камчатку. Гэта будзе адзінае кольцападобнае зацьменне ў XXI стагоддзі, якое праходзіць праз Паўночны полюс. 

Зацьменне завершыцца прыблізна аб 11:30 па сусветным часе (14:30 па Мінску) на мяжы Якуціі і Магаданскай вобласці.

Ці будзе зацьменне відаць у Беларусі?

Так, але часткова. Зацьменне ў той ці іншай фазе можна будзе ўбачыць на большай частцы тэрыторыі былога СССР, акрамя паўднёвых і ўсходніх ускраін: Крыма, Каўказа, Сахаліна, Камчаткі.

Для жыхароў Мінска зацьменне пачнецца ў 13:07. У 14:08 Сонца закрыецца на 22% — гэта будзе максімальная фаза для Мінска. Зацьменне ў сталіцы завершыцца а 15:08.

Для іншых гарадоў Беларусі зацьменне будзе відаць прыкладна ў такі час:

10 чэрвеня будзе рэдкае сонечнае зацьменне — як яго назіраць і не апячыся

Як правільна назіраць зацьменне

Глядзець на Сонца можна толькі з магутнай аховай вачэй! Цёмныя акуляры, каляровае шкло, біноклі і тэлескопы для гэтага не падыходзяць. Не ўратуе вочы і камера тэлефона, аркуш белай паперы ці дымчастае шкло. 

Рэнтгенаплёнка, CD-кружэлкі і дыскеты таксама не даюць стаадсоткавай аховы, хаця мінулыя зацьменні ў Беларусі з іх дапамогай назіралі. Астраном і фатограф Віктар Малышчыц ад такіх варыянтаў не ў захапленні:

— Пасля мінулага зацьмення да афтальмолагаў стаялі чэргі назіральнікаў з пашкоджанай сятчаткай, — папярэджвае ён. — Тут падручнымі сродкамі таксама не абысціся. Можна добра закапціць на агні ці над свечкай аскепак шкла. Але лепей ужыць спецыяльныя фотафільтры для аб’ектываў бінокля ці тэлескопа. Але не для звычайных чорных акуляраў.

Дык як зірнуць на Сонца найбольш бяспечна? У оптыках прадаюць акуляры з поўнай аховай ад ультрафіялету і адмысловыя фотафільтры для назірання за зацьменнем. Таксама пасуюць зварачныя акуляры з абарончым адценнем не менш за 14. Яшчэ варыянт — чорна-белыя фотаплёнкі: непраяўленыя і са слоем срэбра. Будзьце пільныя!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі