МУС агучыла афіцыйную версію падзеяў у Маладзечне

МУС агучыла афіцыйную версію падзеяў у Маладзечне

Два жыхары Маладзечна праходзяць падазраванымі па крымінальнай справе за супраціў байцам АМАПу, спалучанаму з гвалтам. Іх асобы высветлілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку Маладзечанскага РАУС, піша ў сваім Telegram-канале прэс-служба МУС. 

"Аднаму з затрыманых 24 гады, ён не прыцягваўся ні да якога віду адказнасці. Другому нядаўна споўніўся 31 год. У яго біяграфіі ўжо маюцца адміністрацыйныя спагнанні — за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, распіццё алкагольных напояў і з'яўленне ў стане ап'янення ў грамадскім месцы, дробнае хуліганства і кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янення", — апісвае маладых людзей прэс-служба МУС.

Паводле афіцыйнай версіі, увечары 19 чэрвеня падазраваныя напалі на супрацоўнікаў АМАПа, "калі тыя ахоўвалі грамадскі парадак у Маладзечне і затрымлівалі 25-гадовага жыхара райцэнтра за адміністрацыйныя правапарушэнні (той учыніў правакацыю падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і не падпарадкаваўся законнаму патрабаванню міліцыянта спыніць супрацьпраўныя дзеянні). Маладыя людзі схапілі амапаўцаў за шыю і павалілі на зямлю. Пры гэтым адзін з іх паспрабаваў ударыць супрацоўніка нагой".

Цяпер міліцыя высвятляе іншых удзельнікаў інцыдэнта. 

19 чэрвеня ў Маладзечне, як і іншых гарадах Беларусі, прайшоў "ланцуг салідарнасці". Падчас затрымання аднаго з удзельнікаў мірнай акцыі некалькі чалавек кінуліся яму на дапамогу і адбілі яго ў міліцыі. Вядомасць набыў кадр з Маладзечна, на якім адзін з міліцыянтаў трымае пісталет. У МУС пазней патлумачылі, што падчас штурханіны ў міліцыянта расшпілілася кабура і з яе выслізнуў баявы пісталет. Супрацоўнік міліцыі, маўляў, злавіў яго і паклаў назад. 

У суботу, 20 чэрвеня, міліцыя затрымала маладзечанца Паўла Пяскова. Вядома, што ён адзін з падазраваных па крымінальнай справе. 23 чэрвеня яго адпусцілі пад хатні арышт, паведаміла "Рэгіянальная газета".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі